АСТА́ШЫНСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР.
Існаваў у 16—1-й пал. 20 ст. ў в. Асташын Карэліцкага р-на Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў гатычна-рэнесансавым стылі на сродкі Яна Швыкоўскага. Мураванае 1-нефавае збудаванне, прамавугольнае ў плане заканчвалася гранёнай апсідай; сцены былі прарэзаны 7 вокнамі. Да гал. фасада прымыкала шмат’ярусная вежа, завершаная 4-схільным шатром. 1-ы ярус па шырыні адпавядаў памерам асн. аб’ёму. З кожным ярусам памеры памяншаліся, што надавала кампазіцыі дынамізм. Унутраную прастору перакрывала паўцыркульнае скляпенне з распалубкамі. Знішчаны ў 1940-я г.
А.М.Кушнярэвіч.
т. 2, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)